Нас паклікала “Зарніца”!

30.04.2022

  У  ДУА “Гародзькаўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”  вялікая ўвага  надаецца правядзенню работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў. Гэтай мэце служыць шэраг  мерапрыемстваў,  якія арганізоўваюцца  педагагічным калектывам на працягу навучальнага года. Не выключэннем стала правядзенне ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, прысвечанай Дню Перамогі,  што  прайшла ў шосты школьны дзень 30.04.2022 г.

З самай раніцы ў школе панаваў святочны настрой.

Моцныя ўражанні аказала на  ўсіх прысутных унікальная выстава зброі, арганізаваная в/ч 30695 г. Валожына. Вучні змаглі на практыцы выканаць дзеянні пры зброі і патрымаць у сваіх руках  аўтамат, прымерыць   бронежылет і шлем мотастралка.

На свяце прысутнічалі госці: Цімашкевіч Вадзім Віктаравіч, капітан в/ч 30695 г. Валожына (старшыня журы), Іосіф Баляслававіч Гардынец, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання  Багданаўскай СШ (член журы), Сяргей Міхайлавіч Шаўлюк, настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ №2 г. Валожына (член журы),  Кацярына Валер’еўна Кароль, метадыст ДУА “Валожынскі раённы вучэбна-метадычны кабінет”, намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце навучальных устаноў Валожынскага раёна.

Балельшчыкамі мерапрыемства былі вучні 1-11 класаў, настаўнікі, бацькі.

У камандзе  ваенна-патрыятычнай гульні былі самыя актыўныя, творчыя і энергічныя хлопчыкі і дзяўчынкі 5-7 класаў. За права быць лепшымі змагаліся 3 каманды.

Са словамі прывітання на адкрыцці спаборніцтваў да ўдзельнікаў гульні звярнуўся Мікалай Мікалаевіч Рабцаў, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання (арганізатар гульні “Зарніца”). Былі прадстаўлены члены журы.

         Адкрыццё “Зарніцы” адбылося пад гукі дзяржаўнага гімна.

Пачалася гульня з урачыстага пастраення і параднага шэсця.  

Кожная каманда  праявіла сябе ў наступных відах спаборніцтва:

  • Агляд строя;
  • Інтэлектуальнае спаборніцтва “Воінскае званне”;
  • Віктарына “Веданне Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь;
  • Спаборніцтвы па фізічнай падрыхтоўцы, грамадзянскай абароне, агнявой падрыхтоўцы;
  • Конкурс повара;
  • Спаборніцтва па тактычнай падрыхтоўцы;
  • Паласа перашкод;
  • Страявая песня.

         Як сапраўдныя байцы,  юнармейцы  стойка  выконвалі ўсе пастаўленыя задачы.     Азарт перапаўняў  школьнікаў і іх педагогаў, якія, як верныя  настаўнікі, праходзілі   кожны этап  разам з вучнямі.

У выніку спаборніцтва 1 месца заняла каманда вучняў 5 класа; другое месца – каманда вучняў 7 класа; 3 месца – каманда вучняў 6 класа.

Удзельнікам былі ўручаны дыпломы, салодкія падарункі, а пераможцам - кубак.

Кацярына Валер’еўна Кароль павіншавала ўдзельнікаў гульні з выдатнымі дасягненнямі, павіншавала ўсіх прысутных з надыходзячым Днём Перамогі, а таксама расказала  пра  гонар сваёй сям’і  –  дзядулю, які прайшоў шляхамі Вялікай Айчыннай вайны ў якасці ваеннага лётчыка.  

У канцы мерапрыемства да ўсіх прысутных звярнулася дырэктар Гародзькаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы   Таццяна Іосіфаўна Чабай, якая адзначыла, што «Зарніца» – гэта не толькі ваенна-патрыятычная  гульня, але і  выдатная магчымасць правесці час.  Гэта свята,  якое дае   падлеткам шмат станоўчых  эмоцый і дапамагае  ў рэалізацыі  індывідуальных  навыкаў па  пачатковай ваеннай падрыхтоўцы, а таксама  вучыць галоўнаму – любіць і абараняць  сваю Айчыну.

         “Зарніца”   зарадзіла ўсіх добрым настроем, энергіяй і бадзёрасцю на новыя дасягненні.